ТРОХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА ў нябеснай механіцы,

задача пра вызначэнне руху 3 цел, якія ўзаемна прыцягваюцца паводле сусветнага прыцягнення закону.

Сфармулявана І.​Ньютанам. Л.​Эйлер (1767) і Ж.Л.Лагранж (1772) знайшлі класы частковых рашэнняў агульнай (неабмежаванай) Т.ц.з., пры якіх целы адвольных мас рухаюцца па канічных сячэннях аднолькавага выгляду, а ўтвораная імі канфігурацыя ўвесь час падобная да самой сябе — целы застаюцца на адной прамой (калінеарныя эйлеравы рашэнні) ці ўтвараюць роўнастаронні трохвугольнік (трохвугольныя лагранжавы рашэнні). Астр. назіранні пацвердзілі, што гэтыя рашэнні рэалізуюцца ў прыродзе (гл. Траянцы). Агульнае рашэнне неабмежаванай Т.ц.з. знойдзена ў выглядзе бесканечных шэрагаў. З-за іх надзвычай павольнай збежнасці часцей выкарыстоўваюць якасныя ці прыблізныя лікавыя метады рашэння або разглядаюць спрошчаную (абмежаваную) Т.ц.з. Рашэнні розных тыпаў абмежаванай Т.ц.з. знайшлі шматлікія дастасаванні ў тэорыі руху Месяца і планет, дынаміцы касм. палёту.

Літ.:

Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;

Рой А.Э. Движение по орбитам: Пер. с англ. М., 1981;

Себехей В. Теория орбит: Ограниченная задача трех тел: Пер. с англ. М., 1982.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 15, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)